Сяргей Кірушчанка · Будынак МЗКР (вул. Кастрычніцкая, 16)

Сяргей Кірушчанка

(66 гадоў, Менск, Беларусь)

Дзе малюе: Будынак МЗКР (вул. Кастрычніцкая, 16)

Што малюе:Дакладна геаметрычную абстракцыю, пакуль загадка – якога колеру.

Класік беларускага мастацтва ажыццёвіць так званае «рукапацісканне пакаленняў»: разбавіць эмацыйна-фігуратыўны арт Кастрычніцкай сур’ёзнымі, фундаментальнымі абстракцыямі, да якіх прыходзіць мастак, калі ў ім прачынаецца філосаф. Рашотка Кірушчанкі з’явіцца на будынку, які «навісае» над барам «Хуліган», а потым яшчэ і займее канцэптуальны навес.
Сяргей Кірушчанка ўпершыню стаў вядомы як удзельнік суполкі «Няміга-17» – аб’яднання мастакоў, якія ўскалыхнулі арт-кам’юніці познесавецкага Менска, калі арганізавалі выставу наўпрост у сваёй майстэрні на 17 паверсе дома на Нямізе. На працягу 40-гадовай творчай дзейнасці Сяргей паглыбляецца то ў архаічнае мастацтва і кубісцкі пейзаж, то ў абстрактныя формы, лэнд-арт і канцэптуалізм. Але самыя пазнавальныя працы Кірушчанкі – гэта, канешне, выявы з рашоткай. Ён гуляецца з ёй і ў галерэйных прасторах, і выходзіць на вуліцу: дарэчы, першы мурал на Кастрычніцкай намаляваў менавіта ён. Акрамя плоскасцей ён працуе са скульптурай, шаўкаграфіяй, фатаграфіяй, відэа, лэнд- і паблік-артам.
У 1977 годзе Кірушчанка скончыў Мастацкі інстытут у Менску. З 1983-га член Саюза мастакоў Беларусі. У 2014-м разам з Аляксеем Барысёнкам і Сяргеем Шабохіным заснаваў сайт-архіватар сучаснага беларускага мастацтва KALEKTAR.

Тэкст ўзяты з 34mag.net